У кастрычніку ў выдавецтве Ельскага ўніверсітэта Yale University Press пабачыла свет кніга аўтарытэтнага брытанскага даследчыка Эндру Уілсана “Беларусь: апошняя еўрапейская дыктатура” (Belarus: The Last European Dictatorship). На думку экспертаў, нічога падобнага па глыбіні, абхваце і дакладнасці фактаў што да гісторыі і сучаснасці Беларусі на Захадзе яшчэ не выдавалі.
Эндру Уілсан (Andrew Wilson) — старшы навуковы супрацоўнік Еўрапейскага савету па міжнародных зносінах (European Council on Foreign Relations), выкладчык Школы славянскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Універсітэцкага каледжа Лондана (University College London) — ужо 20 год вывучае постсавецкую палітычную і культурную прастору. У навуковым свеце брытанец быў больш вядомы сваімі кнігамі, прысвечанымі Украіне і расійскім паліттэхналогіям. Аднак і Беларуссю Уілсан цікавіцца даўно і сур’ёзна.
Дагэтуль у большасці ангельскамоўных даведнікаў у артыкулах пра Беларусь можна прачытаць аб тым, што ў часы Сярэднявечча беларускія землі былі пад прыгнётам літоўцаў (так па старой расійскай імперскай і савецкай завядзёнцы трактуецца гісторыя Вялікага княства Літоўскага). Першым гэты міф для заходняга свету пахіснуў амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр. У пераломнай кнізе "Рэканструяванне нацыяў: Польшча, Украіна, Летува, Беларусь (1569-1999)" ён праўдзіва і па-навуковаму бесстаронна адлюстраваў месца і ролю беларусаў у ВКЛ, патлумачыў прычыны, чаму беларусы прайгралі літоўцам ідэалагічную бітву за спадчыну княства.
“Беларусь: апошняя еўрапейская дыктатура” Эндру Уілсана ўнікальная тым, што ахоплівае ўсе “10 вякоў” беларускай гісторыі.
“Кніга Эндру Уілсана — гэта першая ў гэтым стагоддзі сур'ёзная спроба апісаць гісторыю нашай краіны ад часоў Полацкага княства да сучаснай Беларусі (уключна з прэзідэнцкімі выбарамі - 2010) па-ангельску, — распавёў TUT.BY рэдактар інтэрнэт-часопіса Belarus Digest Яраслаў Крывой. — Нягледзячы на назву, якая відавочна была абрана для прыцягнення заходніх чытачоў, кніга напісана ў вытрыманым тоне і спрабуе даць аб'ектыўную карціну без залішняй эмацыянальнасці”. Паводле Крывога, нават тыя, хто ўважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі, знойдуць у тоўстым томе шмат новых і цікавых фактаў, асабліва пра Беларусь 1990-х.
Шматвяковы летапіс Беларусі Уілсан характарызуе “серыяй фальстартаў”, падрабязна аналізуючы прычыны, якія не далі беларусам стварыць паўнавартасную нацыянальную дзяржаву на ранейшых этапах гісторыі, а таксама завяршыць працэс нацыятварэння ў 21 стагоддзі.
Эндру Уілсан. Фота: ssees.ucl.ac.uk
Значная частка кнігі прысвечана аналізу феномену шматгадовага кіравання Аляксандра Лукашэнкі, якога Уілсан лічыць “невыпадковым” прэзідэнтам.
“У адрозненне ад беларускіх савецкіх лідэраў Машэрава і Мазурава, якія дзейнічалі ў межах савецкага палітычнага працэсу, Лукашэнка выконвае шэраг роляў на знешнепалітычнай арэне, — тлумачыць Уілсан у інтэрв’ю Belarus Digest. — Апошнія гады ён імкнуўся вытрымліваць баланс у знешнепалітычнай гульні паміж Захадам і Расіяй. Прычым ідэальны сцэнар — знаходзіцца ў цэнтры і ўсяляк пазбягаць выканання любых умоваў з абодвух бакоў”. Аднак, па словах даследчыка, гэты баланс быў сапсаваны пасля сілавога разгону мітынгу апазіцыі 19 снежня 2010 года. Цяпер Расія — “адзіны і амаль выключны” стратэгічны партнёр афіцыйнага Мінска, і прасторы для манеўру ў яго значна паменшыла.
Па-добраму здзіўляе ўважлівасць аўтара да дэталяў, напрыклад, да напісання назваў. Гэтак, Уілсан паслядоўна ўжывае ў кнізе транслітарацыю айчыннай тапанімікі з беларускай мовы на ангельскую, тлумачыць сэнс гістарычнай назвы Літва і яе неадпаведнасць аднайменнай сучаснай дзяржаве.
Кніга выгодна адрозніваецца ад большасці заходніх даследаванняў і тым, што Уілсан, які валодае ўкраінскай, расійскай і беларускай мовамі, абапіраецца на разнастайнасць расійска- і беларускамоўных крыніц, на асабістыя гутаркі з беларусамі.
У пэўным сэнсе брытанскі гісторык зрабіў працу цэлага Інстытута гісторыі Беларусі НАН, які за 20 суверэнных год так і не паклапаціўся выдаць акадэмічную “Гісторыю Беларусі” па-ангельску.
Аўтар “Беларусь: апошняя еўрапейская дыктатура” ужо дамовіўся пра пераклад кнігі на польскую мову і цяпер у працэсе перамоваў пра беларускі варыянт кнігі.