Вербная нядзеля, Вербіца, Вярбіч, Вярба. Асноўнай абрадавай падзеяй гэтага святочнага дня стала наведванне царквы з мэтай асвяціць галінкі вярбы, якім прыпісваліся шматлікія магічна-аздараўленчыя ўласцівасці. Звычай асвячаць галінкі дрэва вядомы са старажытных часоў у многіх народаў свету.
Нашы продкі верылі, што асвячоная вярба дапамагала перасцерагчы свойскую жывёлу ад ведзьмаў, ад "сурокаў" (благога вока суседзяў ці іншых аднавяскоўцаў), спрыяла добрай малочнасці. У сувязі з гэтым гаспадар абыходзіў з галінкамі вярбы ўсе пабудовы, дзе стаяла розная жыўнасць, і тройчы злёгку сцябаў прутком кожную жывёліну, а затым утыкаў яго ў шчыліну сцяны.
Цікава, што практычна ўсё жывое на падворку павінна было быць "пабіта": каровы, конь, вол, козы, сабака, кот, а таксама калоды з пчоламі. Потым гаспадар ішоў у сад і таксама тройчы сцябаў там кожнае пладаноснае дрэва, тое ж самае адбывалася ў агародзе і на ніве.
Пасля таго, як з галінкамі вярбы будуць выкананы ўсе неабходныя ахоўна-магічныя дзеянні, частку асвячоных галінак хавалі за бажніцу — у покуць, частку ўтыкалі ў сцены ці пад страху ўсіх пабудоў. Там яны будуць захоўвацца на працягу года — да наступнай Вербніцы. Галінкі вярбы лічылі адным з самых надзейных сродкаў, каб зберагчы хату ад пажару, удару маланкі, паводкі, а яе насельнікаў — ад ліхіх людзей і "паганых" вачэй.
На працягу ўсяго года, асвячоныя галінкі вярбы неаднаразова ўжываліся ў штодзённым сялянскім жыцці ў якасці прадуцыравальна-ахоўнага абярэга. Імі абкурывалі свойскую жывёлу, каб засцерагчы ад сурокаў, ад хвароб і падзяжу. З той жа мэтай падкладвалі ў ежу, заварвалі і давалі піць настой.
Для таго, каб хатняя жывёла была здаровай, добра пладзілася, вербныя пупышкі запякалі ў спецыяльна спечаныя аладкі, блінцы або хлябцы.
З пруточкам вярбы земляроб распачынаў узорванне яравога поля, веснавую і асеннюю сяўбу, пасадку бульбы і г.д.
Каб дзіцятка расло здаровым, моцным, ніколі не хварэла, пупышкі і невялічкія галінкі асвячонай вярбы абавязкова клалі ў купель, калі першы раз купалі нованароджанага. Лічылася: калі змайстраваць калыску дзіцяці з вярбы ці арэшніка, то "дзіця таксама хутка вырасце", а калі з глогу — доўга пражыве.
Рэшткі вярбы ніколі не выкідвалі, а захоўвалі да наступнай Вербніцы. І пасля таго, як будуць асвячоныя новыя галінкі, старыя назаўтра спальвалі ў печы (у многіх месцах галінкі спальвалі ў перадсвяточную суботу). Прычым попел абавязкова збіралі і рассыпалі па градках (там, дзе не ступае нага каровы ці каня). З вуснаў у вусны перадавалася чутка пра тое, што на тых градах, дзе быў рассыпаны попел ад асвячоных вербачак, пры любых умовах і надвор'і заўсёды ўродзяць добрыя агуркі.
Лічылася: той, хто кіне ці ўпусціць галінку асвячонай вярбы на зямлю, накліча на сябе пракляцце. Таму такую вербачку трэба было хутка спаліць у печцы.