І вось некалькі дзён таму Ліда зноў прыйшла на дапамогу беларускай культуры: гісторыка-мастацкі музей прыняў на захаванне патрэты беларускіх пісьменнікаў, суквецце і гонар нацыі, увасобленых у жывапісных палотнах мастакоў.
Станіслаў Суднік ведаў пра гэтую сітуацыю і прапаноўваў забраць партрэты ў будучы музей. Аднак пісьменнікі маўчалі і толькі калі зразумелі, што калекцыя будзе страчана назаўсёды, Васіль Якавенка, старшыня ліквідацыйнай камісіі ад СБП, патэлефанаваў і даў дазвол на яе вываз.
Наталля Хацяновіч, захавальніца фондаў гісторыка-мастацкага музея, гаворыць, што цяпер яны нясуць маральную адказнасць за жыццё калекцыі , а ўсяго палотнаў звыш 80. І супрацоўнікі пакуль не ведаюць ні гадоў напісання патрэтаў, ні аўтараў гэтых прац. Таму трэба ў першую чаргу стварыць экспертную камісію з ліку спецыялістаў, каб да кожнай выявы зрабіць даведку. Патрэбны таксама і добрыя рэстаўратары, таму што многім палотнам неабходна хуткая дапамога.
Канешне, усе лідчукі пагаджаюцца, што лепшае месца для партрэтаў – гэта мінскі Дом літаратара. Але таго, што адбылося, ужо не вернеш і трэба рэальна падыходзіць да сітуацыі.
У 1930-ыя гады большасць беларускіх пісьменнікаў была знішчана ці выслана паміраць у Сібір. І вось праз семдзесят гадоў, на прасторах роднай краіны не знаходзіцца, на жаль, ганаровага месца нават для іх партрэтаў.