Дырэктар прадпрыемства Андрэй Ніціеўскі суправаджае нас па зялёнаму аазісу і кідае нібы незнарок: “Вы б наведаліся да нас вясной” – і жмурыцца ўсмешкай, быццам абяцаючы уразіць нас дзівам, нечым такім, чаго мы не бачылі. І сапраўды ўразіў. Прывёў ў цяпліцы, а там – бананы, ананасы, лімоны, кава, інжыр. Нібы ў Ліду з’ехаў куточак Афрыкі ці Паўднёвай Амерыкі.
– Безумоўна, – тлумачыць дырэктар, – гэтыя цытрусавыя можна вырошчваць у прамысловых маштабах, але толькі ў цяпліцах. Праўда, выгады ад такой дзейнасці не будзе ніякай. Сабекошт такіх пладоў будзе намнога вышэй за тыя, што прывозяцца з поўдня. Гэтыя расліны патрабюць шмат цяпла, а сёння яно даволі дарагое.
– Цікава, а якія вашы ананасы і лімоны на смак?
– Яны смачнейшыя, мякчэйшыя і саладзейшыя за тыя, што вы звычайна купляеце ў крамах.
Такая вытворчая тактыка прыносіць “Зелянгасу” грошы. На сённяшні дзень рэнтабельнасць падрадзялення ЖКГ складае больш за сем працэнтаў, што для такіх “зялёных” вытворцаў вельмі нядрэнны паказчык. І ўвогуле дзякуючы “Зелянгасу” Ліда ператварылася ў адзін з самых кветкавых гарадоў Беларусі. Тут на кожнага жыхара горада прыходзіцца кветак у шэсць разоў больш, чым у Мінску. Паставілі лідчукі і своеасаблівы рэкорд: стварылі суцэльную клумбу даўжынёй два кіламетры.
А пачалося ўсё з прыходам на прадпрыемства выпускніка аграрнага універсітэта Сяргея Ярашэвіча. Улюбёны ў зямлю і ва ўсё, што на ёй расце, ён у сябе дома эксперыментаваў з такімі экзотамі. Гэтую жарсць перанёс у “Зелянгас” і цяпер сустракае цэлыя экскурсіі тых, хто жадае вырошчваць іх у сваіх цяпліцах і кватэрах.
Калі глядзіш на пузаты ананас, дык не верыцца, што і яго можна выпеставаць у беларускай хаце.
– Можна, – сцвярджае Сяргей. – Ты купляеш ананас у магазіне, зразаеш макукшку і садзіш у зямлю. Ён пачне расці, але пладаносіць не будзе. Таму трэба стымуляваць.
– Як?
– А вось гэта камерцыйная тайна, – падыходзячы, гаворыць дырэктар.
І спрачацца з ім няма як, бо як кіраўнік ён мае рацыю.