На два дні Ліда пераўтварылася ў тэатральны цэнтр Гродзеншчыны: у раённым Палацы культуры адшумеў VIII абласны фестываль народных і ўзорных тэатраў «Лідскія тэатральныя сустрэчы». Сваё майстэрства дэманстравалі шаснаццаць лепшых калектываў з усяе вобласці, а аматары тэатра атрымалі сапраўдную асалоду ад убачанага і пачутага.
– Фестываль прадэманстраваў высокі ўзровень усіх калектываў, іх майстэрства, – падкрэсліў старшыня журы, дацэнт кафедры тэатральнай творчасці Дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Уладзімір Залатухін. – Прыемна, што ў калектывах з’явілася шмат моладзі. Сёлетні фестываль вырас у творчым, акцёрскім плане і сваёй рэжысуры…
Лаўрэатам першай ступені стаў заслужаны аматарскі тэатр драмы і камедыі «Славуціч» Ваўкавыскага раённага Дома культуры, які паказаў яскравую пастаноўку па п’есе Жана Ануя «Оркестр» (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Макуць).
Акрамя дыпломаў, лаўрэатам уручаны спецыяльныя прызы. Прыз «За ўдалае ўвасабленне твораў сучаснай беларускай драматургіі» па праву атрымаў народны драматычны калектыў Лідскага палаца культуры, які вынес на суд журы і гледачоў спектакль па п’есе Андрэя Курэйчыка «Осторожно – женщины». Яшчэ адзін калектыў з Лідчыны – тэатр «Бераг» Мінойтаўскага культурна-забаўляльнага цэнтра – атрымаў прыз «За лепшы акцёрскі ансамбль». Вельмі спадабаўся гледачам і журы таксама народны драматычны калектыў Астрынскага Дома культуры са Шчучыншчыны, які па заслугах атрымаў прыз «За лепшае сцэнічнае ўвасабленне твораў нацыянальнай драматургіі». Іх «Збянтэжаны Саўка» па пьесе Л. Родзевіча быў непаўторным!
Гледачы і госці фестывалю з задавальненнем паўдзельнічалі ў майстар-класе.