У краме Лідскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры «Спадчына» можна набыць эксклюзіўныя рэчы ад мясцовых майстроў-рамеснікаў.
– А бачылі б вы, як здзіўляюцца-захапляюцца іншаземцы, трапіўшы ў нашу казку! – распавядае бухгалтар-касір і прадавец у адной асобе Ядвіга Стацэвіч.
На паліцах крамы – цудоўныя рэчы, якія захоўваюць цяпло рук таленавітых людзей. Цешаць погляд неверагодныя пано, вырабы з саломкі, гліняныя сасуды ды вазы.
А чаго вартыя сапраўдныя беларускія ручнікі, створаныя ў лепшых мясцовых традыцыях! Наогул, уся тамтэйшая сувенірная прадукцыя – сапраўдны цуд. З магазінам супрацоўнічаюць каля трыццаці мясцовых рамеснікаў.